ФІ́ЗІКА НЕРАЗБУРА́ЛЬНАГА КАНТРО́ЛЮ,

галіна навукі і тэхнікі, якая распрацоўвае фіз. метады і бескантактавыя сродкі вымярэння і кантролю фізіка-мех. уласцівасцей, таўшчынь пакрыццяў, парушэнняў суцэльнасці і структуры матэрыялаў і вырабаў. Даследуе фіз. з’явы і эфекты, што ўзнікаюць у матэрыялах і асяроддзях пад уздзеяннем вонкавых палёў і нагрузак без іх разбурэння (гл. Неразбуральны кантроль, Ультрагукавая дэфектаскапія). На Беларусі навук. даследаванні па Ф.н.к. пачаліся ў 1960-я г. ў Аддзеле фізікі неразбуральнага кантролю АН Беларусі і праводзяцца ў Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН, БДУ, Бел. нац. тэхн. ун-це, Магілёўскім маш.-буд. ін-це і інш.

П.​П.​Прахарэнка.

т. 16, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)